Сям'я і сямейныя каштоўнасці. З вопыту сямейнага выхавання
"Шчасце ў сям'і залежыць ад увасаблення ў
жыцці такіх каштоўнасцяў,
як праца, вучэнне, здароўе, каханне"
К. Д. Ушынскі
Сям'я... Мы часта чуем і вымаўляем гэтае слова, але ці часта задумваемся над тым, што яно абазначае? Сям'я – самае галоўнае ў жыцці для кожнага з нас. Менавіта ў сям'і мы вучымся адказнасці, клопату і павазе.
З часоў стварэння свету кожны чалавек шукае сваю другую палавінку, каб прайсці з ёю рука аб руку жыццёвы шлях і стварыць сумесную будучыню. Не заўсёды і не ва ўсіх гэта атрымліваецца.
У аграгарадку Хвінявічы ёсць сям'я, якая з'яўляецца прыкладам для многіх. Сёння наш аповяд – аб вялікай і дружнай сям'і Аляксея Міхайлавіча і Ніны Васільеўны Сцепановічах, якую па праву можна назваць моцнай, надзейнай, вернай і кахаючай.
Іх пяцёра: тата, мама, два сыны і дачка.
Ніна Васільеўна – медыцынская сястра аддзялення хуткай неадкладнай дапамогі Дзятлаўскай ЦРБ, іерэй Аляксей Міхайлавіч – клірык сабора новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай горада Дзятлава.
Будучыя муж і жонка пазнаёміліся ў 2008 годзе ў вёсцы Жыровічы. У 2011 годзе маладая пара стварыла сям'ю. Спачатку жылі ў Мінскай вобласці у вёсцы Смілавічы, а 6 мая 2012 года па запрашэнні былога настаяцеля Барыса-Глебскага храма сям'я пераехала ў аграгарадок Хвінявічы.
Галоўны ў сям'і – тата. Да яго слоў ўсе прыслухоўваюцца, ведаюць, што заўсёды ён справядлівы. Матуля – захавальніца хатняга ачага. На яе плячах трымаецца ўвесь дом: ёй трэба прыгатаваць, накарміць, прыбраць, дапамагчы дзецям зрабіць урокі. Узаемадапамога, клопат пра кожнага, дабрыня ствараюць у сям'і цеплыню, утульнасць і дабрабыт. Маміна ласка, пяшчота, цеплыня ахіляюць Ціхана, Серафіма і Іларыю з першых дзён жыцця. Ціхан – навучэнец 2 класа Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Ён дапытлівы, вясёлы, захапляецца музыкай і фізкультурай, добра вучыцца, радуецца сваім маленькім перамогам. Двухгадовая Іларыя і пяцігадовы Серафім – выхаванцы дзіцячага сада. З уласцівай іх узросту цікаўнасцю вывучаюць навакольны свет, ім усё цікава і да ўсяго ёсць справа. Яны такія розныя, у кожнага дзіцяці свой характар. Іларыя вельмі артыстычная, любіць спяваць і танцаваць, Серафім – сур'ёзны, захапляецца робатамі і тэхнікай.
Кожная сям'я – гэта своеасаблівы свет, у якім пануюць свае традыцыі, ёсць свае духоўныя каштоўнасці. Усе члены сям'і Сцепановіч адзначаюць разам дні нараджэння і каляндарныя святы. На Каляды кожны атрымлівае падарунак, на Вялікдзень – фарбуюць яйкі, пякуць кулічы, на Вербніцу – асвятляюць галінку вярбы. Сямейныя святы адзначаюць за вялікім сталом – дзверы для блізкіх у гэтай сям'і адкрыты заўсёды. Бацькі імкнуцца далучыць дзяцей да дабра праз духоўнае выхаванне, наведваюць храм, захоўваюць неабходныя традыцыі і каноны.
У сям'і ёсць падсобная гаспадарка, таму даводзіцца шмат працаваць. Побач з домам – салідны агарод, з якога збіраюць выдатны ўраджай. Мець вялікую сям'ю і падсобную гаспадарку – гэта велізарная праца. З усімі справамі і цяжкасцямі сям'я Сцепановіч спраўляецца, бо ўсе імкнуцца дапамагчы адзін аднаму.
Бацькі ўпэўнены, што іх дзеці вырастуць працавітымі, адказнымі, гатовымі заўсёды дапамагчы адзін аднаму, падтрымаць, будуць надзейнай апорай у будучыні. Упэўнены і ў тым, што яны будуць любіць малую радзіму, паважаць не толькі сваю працу, але і працу іншых людзей.
Рэцэпт сямейнага шчасця сям'і Сцепановіч: умець кахаць, паважаць, а калі спатрэбіцца, то дараваць і абараняць адзін аднаго, разам працаваць і “трымацца адзін за аднаго”. А яшчэ – шанаваць простыя чалавечыя ўзаемаадносіны і ганарыцца сваёй сям'ёй. Жыць проста, з адкрытым сэрцам і душой.
Спасылка на сайт раённай газеты "Перамога"