Вынікі тэматычнага тыдня "Скарбонка беларускага маўлення" у групе інтэграванага навучання і выхавання
На канікулах з 29 па 9 красавіка ў групе інтэграванага навучання і выхавання выхаванцы з выхавальнікамі рэалізоўвалі кароткачасовы групавы міні-праект пад назвай "Скарбонка беларускага маўлення". Кожны дзень меў сваю тэматыку, якая спрыяла далучэнню дзяцей да культурнай спадчыны свайго народа. У "Дзень загадак" дзеці вучыліся адгадваць незвычайныя загадкі, пабудаваныя на апісанні і параўнанні, правільна і выразна вымаўляць словы. На працягу "Дня, прысвечанага беларускім народным казкам", была аформлена выстаўка беларускіх народных казак у кніжным вугалку. Дзеці вучыліся пазнаваць казку па малюнках і ўрыўках, раскладваючы ілюстрацыі ў адпаведнай паслядоўнасці. Вучыліся перадаваць настрой і характар персанажа, самастойна вялі сваю ролю ў міні- спектаклі з выкарыстаннем лялек. Вельмі спадабалася дзецям гульня-спаборніцтва пад назвай "Ехалі з горкі скарагаворкі", дзе яны вучыліся вымаўляць скорагаворкі ў розным тэмпе (павольна, хутчэй і зусім хутка, некалькі разоў запар). Працягваючы знаёмства з дзіцячым фальклорам, вучыліся спяваць калыханкі ў час сюжэтна-ролевай гульні "Сям’я". На прагулцы ў час назіранняў за надвор’ем выкарыстоўвалі заклічку "Сонца, зубкі пакажы", "Сонейка-сонца" і інш. Даведаліся выхаванцы аб тым, што прыказкі і прымаўкі маюць глыбокі сэнс, вучаць мудрасці чалавека, і чым больш чалавек ведае прыказак, тым большы вопыт народа ён можа пераняць. Дзеці расшырылі ўяўленні аб прыгажосці беларускай музыкі і дзіцячых песенак. Развучылі песенку "Кукарэку, певунок". Пашырылі ўяўленні аб беларускіх кампазітарах, разглядваючы іх партрэты. У дзень, калі вялася гутарка аб беларускіх народных рамёствах, дзеці ўспомнілі аб экскурсіі ў школьны музей "Скарбы дзядоў нашых", дзе яны атрымалі веды аб прыладах працы і вырабах народных умельцаў. У час самастойнай выяўленчай дзейнасці развівалі свае творчыя здольнасці, вучыліся маляваць беларускія ўзоры. Дзень здароўя ў нашай установе пачаўся з гутаркі "Здароўе – наша багацце!". Выхаванцы расказвалі з асабістага вопыту, як яны клапоцяцца аб сваім здароўі, што неабходна рабіць і як сябе паводзіць, каб быць здаровым. На працягу дня ўсе дзеянні і выкананне ўсіх момантаў суправаджалася мастацкім словам. Шмат цікавага чакала дзяцей на вуліцы: спаборніцтвы, эстафеты, выпрабаванні, гульні, а галоўнае добры настрой. У апошні дзень рэалізацыі нашага міні-праекта дзеці замацавалі свае першапачатковыя ўяўленні пра традыцыі і веснавыя святы беларускага народа, гулялі ў беларускія народныя гульні. У сумесных гульнявых дзеяннях дзеці вучыліся станоўча адносіцца да традыцый і свят беларускага народа.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |



